Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МАГАТЭ пацьвердзілі падземнае пашкоджаньне ядзерных аб’ектаў Ірану і патрабуюць доступу да іх


Генэральны дырэктар Міжнароднага агенцтва атамнай энэргіі (МАГАТЭ) Рафаэль Гросі, 23 чэрвеня 2025 году
Генэральны дырэктар Міжнароднага агенцтва атамнай энэргіі (МАГАТЭ) Рафаэль Гросі, 23 чэрвеня 2025 году

Генэральны дырэктар Міжнароднага агенцтва атамнай энэргіі (МАГАТЭ) Рафаэль Гросі заявіў, што інспэктарам арганізацыі патрэбны доступ да іранскіх ядзерных аб’ектаў, каб пракантраляваць магчымае перамяшчэньне ўрану.

Як паведаміў Рафаэль Гросі ў часе пазачарговага пасяджэньня Рады кіраўнікоў МАГАТЭ, Іран паведаміў 13 чэрвеня аб спэцыяльных мерах, ужытых для абароны нашага ядзернага абсталяваньня і матэрыялаў.

«Любое перамяшчэньне ядзернага матэрыялу з абʼекта, што знаходзіцца пад гарантыямі, у іншае месца ў Іране павінна быць заяўлена агенцтву ў адпаведнасьці з пагадненьнем аб гарантыях зь Іранам, і я выказаў гатоўнасьць супрацоўнічаць зь Іранам па гэтым пытаньні. Устанаўленьне фактаў на месцах зьяўляецца перадумовай для любога пагадненьня, і гэта можа быць зроблена толькі праз інспэкцыі МАГАТЭ. Неабходна спыніць баявыя дзеяньні, каб былі створаны неабходныя ўмовы бясьпекі, каб Іран мог дапусьціць каманды МАГАТЭ на абʼекты для ацэнкі сытуацыі», — заявіў Рафаэль Гросі.

Паводле яго, на аб’екце ў Фардо, дзе адбываецца ўзбагачэньне ўрану, бачныя кратэры, што сьведчыць аб выкарыстаньні супрацьбункерных боепрыпасаў. «Гэта адпавядае заявам ЗША. На дадзены момант ніхто, у тым ліку МАГАТЭ, ня можа цалкам ацаніць падземныя пашкоджаньні ў Фардо. Улічваючы выкарыстаную выбуховую нагрузку і надзвычай адчувальную да вібрацыі ўласьцівасьць цэнтрыфуг, чакаецца, што пашкоджаньні будуць вельмі значныя», — сказаў генэральны дырэктар МАГАТЭ.

Рафаэль Гросі паведаміў, што паводле ўладаў Ірану павышэньня ўзроўню радыяцыі па-за межамі ўсіх пашкоджаных абʼектаў не назіралася і заклікаў бакі канфлікту «да максымальнай стрыманасьці».

«Ваенная эскаляцыя ня толькі пагражае жыцьцю, але і адцягвае нас ад дыпляматычнага шляху. Каб дасягнуць доўгатэрміновай гарантыі таго, што Іран не атрымае ядзернай зброі, і для захаваньня эфэктыўнасьці глябальнага рэжыму нераспаўсюджаньня, мы павінны вярнуцца да перамоваў», — заявіў ён.

Рафаэль Гросі дадаў, што гатовы сам неадкладна накіравацца ў Іран. «Нам трэба працягваць працаваць разам, нягледзячы на існуючыя рознагалосьсі. Я гатовы ўзаемадзейнічаць з усімі зацікаўленымі бакамі, каб дапамагчы забясьпечыць абарону ядзерных абʼектаў і далейшае мірнае выкарыстаньне ядзерных тэхналёгій у адпаведнасьці з мандатам МАГАТЭ», — перакананы генэральны дырэктар МАГАТЭ.

ВПС ЗША нанесьлі масаваны ўдар па ядзерных аб’ектах Ірану ў Натанзе, Фардо і Ісфагане ў ноч на 22 чэрвеня. Для атакі амэрыканскія вайскоўцы выкарысталі 75 высокадакладных кіраваных боепрыпасаў, у тым ліку 14 супрацьбункерных бомбаў GBU-57 – гэта было іх першае выкарыстаньне. Гэтая апэрацыя атрымала назву «Паўночны молат».


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG