Міністэрства ўнутраных спраў Малдовы пацьвердзіла інйфармацыю, якая раней зьявілася ў сродках масавай інфармацыі пра тое, што ў краіну не пусьцілі 195 замежных спартоўцаў. Гэта былі прадстаўнікі дзьвюх дзяржаў — Беларусі і Расеі. Яны прыляцелі ў краіну на чэмпіянат Эўропы ў кікбоксінгу, суарганізатарам якога была Прымэрыя (мэрыя) Кішынёва.
Паводле інфармацыі МУС Малдовы, у краіну прыбылі асобы, зьвязаныя з крымінальнымі і мілітарнымі групоўкамі, якія «ўдавалі спартоўцаў». Сярод тых, каго не ўпусьцілі ў краіну, былі таксама прадстаўнікі акупаваных Расеяй тэрыторый Украіны — Данеччыны і Крыму.
У спыненых на мяжы асобах МУС Малдовы ўбачыла «пагрозу вобразу і даверу да Рэспублікі Малдова на міжнародным узроўні», піша Radio Europa Liberă.
У Міністэрстве адукацыі Малдовы заявілі, што спаборніцтвы не былі ўхваленыя ведамствам, а арганізатары незаконна выкарыстоўвалі назоў і сымболіку міжнароднай фэдэрацыі ў гэтым відзе спорту. Турнір дарослых быў скасаваны, а турнір юніёраў, як заявілі ўлады, адбудзецца толькі пры ўмове выкананьня ўсіх патрэбных працэдураў уезду непаўналетніх у краіну.
Прадстаўнік арганізатараў турніру Рустам Алімаў адзначыў, што рашэньне ўладаў зьяўляецца злоўжываньнем, а ўдзельнікаў адбірала цэнтральная арганізацыя Міжнароднай фэдэрацыі кікбоксынгу (WKF) ў Вене.
Пры гэтым пра ўдзел спартоўцаў зь Беларусі і Расеі арганізатары абвясьцілі толькі 20 чэрвеня, напярэдадні іх прылёту. Прымара сталіцы Іона Чэбана абвінавацілі ў тым, што той не зьвярнуў увагу на тое, што на турнір едуць спартоўцы, якія парушаюць санкцыі.
Мэрыя Кішынёва адхіліла абвінавачванні і заявіла, што адказвае толькі за арганізацыйную частку міжнародных спаборніцтваў. Міністэрства адукацыі запатрабавала скасаваньня мерапрыемства на падставе адсутнасьці неабходных дазволаў.
Форум