Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расьсьледаваньне «Бюро»: Беларускія сілавікі гадамі пакрывалі наркагандляроў


Ілюстрацыйнае фота: расьліны маку, зь якізх робяць сыравіну для наркотыкаў
Ілюстрацыйнае фота: расьліны маку, зь якізх робяць сыравіну для наркотыкаў

Журналісты расьсьледніцкага праекту «Бюро» знайшлі сьведчаньні, што сьледзтва па гучнай справе аб опіюмных наркотыках праігнаравала паказаньні на сілавікоў, у тым ліку пра магчымыя сувязі зь Мікалаем Карпянковым, цяперашнім намесьнікам міністра ўнутраных спраў Беларусі.

У 2019 годзе ў Менскім гарадзкім і ў Менскім абласным судах адбыліся працэсы па справе аб 14 тонах маку і макавай саломкі, якую нелегальна завезьлі ў Беларусь цягам 2015–2018 гадоў з Украіны і Расеі. Паводле сьледзтва — каб у выніку прадаць наркаманам, якія выраблялі з сумесі опіюм.

Па гэтак званай «макавай справе» 29 чалавек прыгаварылі да турэмнага зьняволеньня на тэрміны ад 3 да 14 гадоў.

Журналісты праекту «Бюро» атрымалі і прааналізавалі 80 тамоў гэтай крымінальнай справы. Паводле «Бюро», у справе ёсьць сьведчаньні таго, што гандаль наркотыкамі гадамі пакрывалі супрацоўнікі сілавых ведамстваў. На допытах гучалі імёны «апекуноў» і былі названыя расцэнкі за «спрыяньне». Аднак гэтую інфармацыю сьледзтва праігнаравала.

У выніку ніхто з сілавікоў, на якіх паказалі фігуранты справы, не панёс пакараньня. Практычна ўсе яны працягнулі працаваць у праваахоўных органах.

У расьсьледаваньні «Бюро» называюцца прозьвішчы былых і дзейных на той час супрацоўнікаў наркагандлю, супраць якіх абвінавачаныя па справе далі паказаньні, сьцьвярджаючы, што тыя бралі хабар і пакрывалі іх дзейнасьць. У паказаньнях гаворка ішла ў тым ліку пра часы, калі наркакантроль узначальваў цяперашні намесьнік міністра ўнутраных спраў Беларусі Мікалай Карпянкоў. Адзін з абвінавачаных на допыце сьцьвярджаў, што Карпянкаў таксама атрымліваў грошы ад наркагандляроў і што агульная сума хабару яму нібыта дасягала 110 тыс. долараў.

Паводле журналістаў «Бюро», сьледчы па справе Ігар Прахарэнкаў быў блізкі з ГУБАЗіКам, які ў той час узначальваў Карпянкоў, і таму ёй ня стаў праводзіць праверку ў дачыненьні да сілавікоў, а праігнараваў «нязручныя» паказаньні. Міліцыянты, на якіх іх далі, пацьвердзілі ў размове з журналістам «Бюро», што ніякіх праверак у дачыненьні да іх не праводзілі.

Пратаколаў праверкі не было і ў сьледчых матэрыялах. Асобная вытворчасьць з «макавай справы» таксама не вылучалася. Пра гэта кажуць дадзеныя «Кібэрпартызан». Журналісты таксама накіравалі запыт у галоўнае ўпраўленьне ўласнай бясьпекі МУС з просьбай пракамэнтаваць, ці правярала яно паказаньні абвінавачаных. Там адказалі, што гэтая справа не адносіцца да іх кампэтэнцыі.

Былыя сьледчыя, зь якімі кантактаваў журналіст «Бюро», адзначылі: для цэнтральнага апарату Сьледчага камітэту, які вёў справу, такое халатнае стаўленьне да паказаньняў аб карупцыі праваахоўнікаў не ўласьцівае — іх павінны былі праверыць.

У справе дзейнасьць «злачыннай арганізацыі» вырашылі адлічваць з 2015 году — гэта значыць ад часу, калі Мікалай Карпянкоў ужо ня меў дачыненьня да наркакантролю. Пры гэтым абвінавачаныя расказвалі, як займаліся збытам наркатычнай сыравіны задоўга да таго.

Журналісты «Бюро» пішуць, што накіравалі афіцыйныя звароты ў Сьледчы камітэт і Генэральную пракуратуру, але ў ведамствах адмовіліся ад камэнтароў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG