«Перамірʼе цяпер уступіла ў сілу. Калі ласка, не парушайце яго!», — напісаў прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп на на сваёй плятформе Truth Social.
Допісам раней ён падзякаваў амэрыканскім пілётам, якія бамбавалі іранскія ядзерныя абʼекты.
«Мы ня здолелі б заключыць сёньняшнюю „ўгоду“ бяз таленту і мужнасьці нашых выдатных пілётаў B-2 і ўсіх, хто быў зьвязаны з той апэрацыяй. Пэўным і вельмі іранічным чынам, той ідэальны „ўдар“, нанесены позна ўвечары, абʼяднаў усіх, і ўгода была заключана!!!», — зазначыў Трамп.
Яшчэ ў адным сваім допісе Трамп заявіў, што яго прасілі пра мір як Іран, так і Ізраіль.
«Ізраіль і Іран прыйшлі да мяне, амаль адначасова, і сказалі: «МІРУ!» Я ведаў, што час настаў. Сьвет і Блізкі Ўсход — сапраўдныя ПЕРАМОЖЦЫ! Абодва народы ўбачаць велізарную ЛЮБОЎ, МІР І РОСКВІТ у сваёй будучыні. Ім ёсьць што набыць, і ў той жа час ёсьць шмат чаго страціць, калі яны адступяць ад шляху СПРАВЯДЛІВАСЬЦІ І ПРАЎДЫ. Будучыня для Ізраілю і Ірану НЕАБМЕЖАВАНАЯ і напоўненая вялікімі ПЭРСПЭКТЫВАМІ. БОЖА, БЛАГАСЛАВІ ВАС АБОДВУХ!» — напісаў Трамп.
Паводле Трампа, перамірʼе будзе ўводзіцца цягам содняў, і пасьля гэтага вайна «будзе лічыцца скончанай».
Іранская дзяржаўная тэлевізія ў аўторак раніцай паведаміла пра пачатак рэжыму перамір’я ў ваенным канфлікце з Ізраілем.
Прэм'ер-міністар Ізраілю Біньямін Нэтаньягу, якога цытуе Reuters, заявіў, што Ізраіль пагадзіўся на перамір'е. Паводле яго, Ізраіль дасягнуў сваёй мэты пазбавіцца іранскай ядзернай праграмы і пагрозы ад іранскіх балістычных ракет.
Пакуль не было заяваў, ці пагадзіўся Іран спыніць узбагачэньне ўрану, як таго патрабавалі Злучаныя Штаты.
Ізраіль паведаміў пра некалькі хваляў іранскіх ракетных нападаў за некалькі хвілін да заяўленага пачатку перамірʼя. Ізраільскія афіцыйныя асобы паведамілі, што прынамсі тры чалавекі загінулі ў горадзе Беэр-Шэва каля 6-й раніцы, калі ракета пацэліла ў высотны будынак.
Міністар замежных спраў Ірану Абас Аракчы напісаў, што «пры ўмове, што ізраільскі рэжым спыніць сваю незаконную агрэсію супраць іранскага народу да 4 раніцы сёньня, мы ня маем намеру працягваць адказваць». Але існаваньне ўгоды наконт перамірʼя адпрэчыў.
Пазьней ён абвясьціў, што баявыя дзеяньні іранскага войска былі спынены а 4-й гадзіне па мясцовым часе (3:30 па беларускім). Ён таксама зазначыў, што ваенныя дзеяньні супраць Ізраілю працягваліся да апошняй хвіліны.
Форум