Як паведаміла Армянская служба Радыё Свабода з спасылкай на праваахоўнікаў, сярод падазраваных — архіяпіскап Баграт Галстаньян (у пратаколе ён названы В. Г., сьвецкае імя Вазген).
«Для дасягненьня гэтай мэты, па ўзгадненьні з шэрагам удзельнікаў руху, ён у складзе групы набыў неабходныя сродкі і інструмэнты для ўчыненьня тэрарызму і захопу ўлады, а таксама наўмысна стварыў іншыя ўмовы, тым самым рыхтуючыся да ўзурпацыі ўлады», — адзначаецца ў заяве Сьледчага камітэту.
У рамках крымінальнай справы, якую завялі паводле гэтага інцыдэнту, праводзяцца тэрміновыя сьледчыя і іншыя працэсуальныя дзеяньні.
Рух і сам сьвятар пакуль не рабілі ніякіх заяў.
Як паведаміў карэспандэнт Армянскай службы Радыё Свабода, у кватэры аднаго зь кіраўнікоў апазыцыйнага руху — Найвышэйшай рады Армянскай рэвалюцыйнай фэдэрацыі (АРФ) — дэпутата Артура Саркісьяна правялі ператрус, а яго перадалі ў Сьледчы камітэт.
Апроч таго, вядома аб ператрусах на месцы жыхарства яшчэ трох сяброў Найвышэйшай рады АРФ, а таксама ў прадстаўнікоў іншых апазыцыйных сілаў.
20 чэрвеня армянская апазыцыя паведаміла аб масавых арыштах і ператрусах сярод сваіх прыхільнікаў, а Міністэрства ўнутраных справаў заявіла, што праводзіць прафіляктычную і тлумачальную працу.
Днём раней праўладнае выданьне Civic.am апублікавала дакумэнт, які прадставілі як «плян дзяржаўнага перавароту». У Civic.am сьцьвярджалі, што дакумэнт ім перадалі надзейныя крыніцы ў апазыцыі. Генэральная пракуратура накіравала публікацыю ў Сьледчы камітэт для вызначэньня, ці заводзіць справу.
18 чэрвеня стала вядома аб затрыманьні расейскага мільярдэра Самвэла Карапэт’яна па абвінавачаньні ў публічных закліках да захопу ўлады ў Армэніі.
59-гадовы мільярдэр, ураджэнец Армэніі Самвэл Карапэт’ян асноўны бізнэс вядзе ў Расеі. У інтэрвію News.am ён выступіў у абарону Армянскай апостальскай царквы, якую апошнім часам рэзка крытыкуе кіраўнік ураду Нікол Пашыньян.
Форум