Беларускія азотныя ўгнаеньні трапляюць у ЭЗ празь фірмы-«пракладкі», нягледзячы на санкцыі, — расьсьледаваньне БРЦ

Прадпрыемства «Гродна Азот», архіўнае фота

Беларускае прадпрыемства «Гродна Азот» ужо чацьвёрты год пад санкцыямі Эўразьвязу і ЗША, але яго прадукцыя надалей трапляе на Захад. У суправаджальныя дакумэнты як вытворцаў ўпісваюць іншыя кампаніі, нават зь іншых краін.

Беларускае прадпрыемства «Гродна Азот» ужо чацьвёрты год пад санкцыямі Эўразьвязу і ЗША, але яго прадукцыя працягвае трапляць на Захад. У суправаджальных дакумэнтах вытворцамі пазначаныя іншыя кампаніі, часам нават зь іншых краін, высьветліў Беларускі расьсьледніцкі цэнтар у партнэрстве з ініцыятывай «Рабочы рух» і латвійскай грамадзкай тэлерадыёкампаніяй LSM. Паводле расьсьледнікаў, за схемай стаяць высокія прадстаўнікі ўладаў Беларусі.

У справаздачы канцэрну «Белнафтахім» журналісты БРЦ знайшлі інфармацыю аб пастаўках у Эўразьвяз. Для экспарту туды выкарыстоўваюць фірмы-пасярэднікі. Іх у справаздачы «Белнафтахіму» называюць «спэцэкспартэрамі». «Гродна Азот» нібыта здае ім у арэнду абсталяваньне заводу, і афіцыйна тавар вырабляюць ужо «спэцэкспартэры», а не прадпрыемства.

У даведцы для Савету міністраў Беларусі «Белнафтахім» адкрыта прызнае: «Для пераадоленьня санкцыйнага бар’еру была арганізаваная перадача ў арэнду абсталяваньня — асобных вузлоў устаноўкі вытворчасьці азотных угнаеньняў, што дае магчымасьць зьмяніць вытворцу ўгнаеньняў і стварыць умовы для беспасярэдніх адгрузак прадукцыі ў краіны ЭЗ зь мінімальнымі лягістычнымі выдаткамі». Паводле расьсьледнікаў, у дакумэнтах адрас сапраўднага вытворцы — «Гродна Азоту» — падмяняюць на юрыдычны адрас «спэцэкспартэра».

Калі партыя тавару прыбывае на мяжу, эўрапейскія мытнікі ня бачаць, што гэта прадукцыя падсанкцыйнага прадпрыемства. Паводле такой схемы, згодна з дакумэнтамі, на якія спасылаецца БРЦ, у 2024 годзе амаль палова экспарту «Гродна Азоту» — амаль 200 тыс. тон азотных угнаеньняў на няпоўныя $60 млн — ішла ў Эўразьвяз.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Доля беларускіх калійных угнаеньняў на ўсясьветным рынку з 2021 году скарацілася да 6 адсоткаў

БРЦ выкрыў шэсьць «спэцэкспартэраў» прадукцыі падсанкцыйнага прадпрыемства. Сярод іх фірмы, зьвязаныя з бізнэсоўцам Мікалаем Варабʼём. ЭЗ і ЗША наклалі на яго санкцыі, называючы «гаманцом» Аляксандра Лукашэнкі. Другая група кампаніяў, паводле расьсьледнікаў, ускосна зьвязаная з былым асабістым трэнэрам Лукашэнкі ў тэнісе, а цяпер адным зь вядомых беларускіх бізнэсоўцаў, набліжаных да ўлады, — Сяргеем Цяцерыным.


Новая схема

Як адзначаецца ў расьсьледаваньні БРЦ, у канцы 2024 — пачатку 2025 году Варшава пачала блякаваць дзейнасьць усіх вядомых «спэцэкспартэраў». Цягам некалькіх месяцаў усе яны трапілі ў нацыянальныя санкцыйныя сьпісы Польшчы, і экспарт азотных угнаеньняў праз гэтую краіну цалкам спыніўся. Літва істотна ўзмацніла кантроль імпарту азотных угнаеньняў зь Беларусі яшчэ раней: пасьля таго як у лютым 2023 году актывісты «Рабочага руху» заблякавалі грузавікі з падсанкцыйным таварам на беларуска-літоўскай мяжы.

Аднак нават пасьля гэтага схема абыходу санкцыяў ня зьнікла, піша БРЦ. Паводле Эўрапейскага статыстычнага агенцтва, паставак азотных угнаеньняў з Беларусі ў Латвію не было 4 гады, але ў пачатку 2025 году яны зноў зьявіліся ў сьпісе экспартных тавараў. Праз Латвію ўгнаеньні зь Беларусі едуць кліентам зь Нямеччыны, Вугоршчыны і іншых эўрапейскіх краін.

Паводле расьсьледнікаў, «спэцэкспартэры», як і раней, бяруць прадукцыю на «Гродна Азоце», але адпраўнікамі грузу ў Латвію выступаюць новыя беларускія фірмы, раней не заўважаныя ў экспарце забароненых тавараў у Польшчу. БРЦ сьцьвярджае з спасылкай на атрыманыя дакумэнты, што з пачатку 2025 году такім чынам у Латвію ўехала як мінімум 278 вагонаў з азотнымі ўгнаеньнямі.

Журналісты БРЦ знайшлі тры новыя беларускія кампаніі-«пракладкі», якія ўдзельнічаюць у экспарце на новым кірунку. Паводле расьсьледнікаў, усе тры кампаніі зьвязаныя паміж сабой і, ускосна, зь Віктарам Шэйманам — блізкім паплечнікам Аляксандра Лукашэнкі, былым кіраўніком яго справаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ААН заклікалі Беларусь дапусьціць міжнародную гуманітарную місію да зьняволеных прафсаюзных актывістаў