Пасьля поўначы 22 чэрвеня невялікі горны хрыбет прыкладна за 200 кілямэтраў на паўднёвы захад ад іранскай сталіцы, ускалыхнула сэрыя моцных выбухаў.
Гэты горны хрыбет — Фардо, дзе Іран гадамі будаваў велізарны падземны комплекс для ўзбагачэньня ўрану, прызначанага для цывільных электрастанцыяў. Або, як настойвае Ізраіль, для вырабу ядзернай зброі.
Выбухнулі найбуйнейшыя бомбы з арсэналу ЗША — 13-тонныя GBU-57 Massive Ordnance Penetrator. Іх даставіў адзін з самых сучасных самалётаў вайскова-паветраных сіладў ЗША — бамбавік B-2.
Калі асядзе пыл над Фардо і двума іншымі аб’ектамі, атакаванымі амэрыканскімі снарадамі, стане зразумела, што менавіта гэта значыць.
- Ці выбухне поўнамаштабная вайна?
- Ці адпомсьціць Іран амэрыканскім базам у рэгіёне?
- Ці спыніць Тэгеран пастаўкі нафты ўва ўсім сьвеце, перакрыўшы Армускую пратоку?
- Ці працягне Ізраіль беспрэцэдэнтны абстрэл іранскіх абʼектаў?
- Ці ўцягнуцца Злучаныя Штаты ў чарговую поўнамаштабную вайну на Блізкім Усходзе?
Піша карэспандэнт Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Майк Экель.
Фардо да і пасьля амэрыканскіх удараў
Што адбылося?
Прыкладна а 2:30 ночы мясцовага часу (1:30 менскага) эскадрыльля зь сямі бамбавікоў B-2, праляцеўшы тысячы кілямэтраў з сваіх базаў на Сярэднім Захадзе ЗША, скінула 14 бомбаў GBU-57, вядомых таксама як «бункерабойныя», бо яны здольныя пранікаць глыбока ў зямлю, а затым выбухаць з затрымкай дэтанацыі.
Адначасова больш за два дзясяткі крылатых ракет Tomahawk выпусьціла амэрыканская субмарына ў Пэрсыдзкай затоцы па іншым іранскім ядзерным абʼекце — Ісфагане.
Дзьве бомбы GBU-57 былі скінутыя на трэці абʼект — Натанз.
Усяго было залучана 125 амэрыканскіх самалётаў, у тым ліку зьнішчальнікі суправаджэньня і самалёты-запраўнікі, паведамілі афіцыйныя асобы ЗША.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША ўступілі ў ірана-ізраільскі канфлікт. Трамп заявіў аб «вельмі пасьпяховых» ударах па іранскіх ядзерных аб’ектахШто было пашкоджана?
Іранскія ўлады ў цэлым пацьвердзілі атаку. А прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што абʼекты ў Фардо, Натанзе і Ісфагане «цалкам і поўнасьцю зьнішчаныя».
Аднак няма яснасьці, што менавіта было пашкоджана і ў якой ступені.
Натанз і Ісфаган ужо былі мішэнямі для ізраільскіх самалётаў у мінулыя 10 дзён жорсткіх авіяўдараў.
Паводле Nuclear Threat Initiative, аналітычнага цэнтру з Вашынгтону, у Ісфагане раней выраблялі паліўныя стрыжні для атамных электрастанцый, хоць вытворчасьць запаволілася праз заходнія санкцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пэнтагон: у апэрацыі «Паўночны молат» супраць Ірану ўпершыню выкарысталі супрацьбункерныя бомбыУ Натанзе пад зямлёй месьціцца ня менш за 50 000 цэнтрыфугаў, паведамляе аналітычны цэнтар. Аднак ня так глыбока, як у Фардо.
Аб’ект Фардо быў асабліва цікавы для ізраільскай выведкі, а таксама для амэрыканскіх ведамстваў, бо месьціўся глыбока ў горным масіве. У ім былі тысячы цэнтрыфугаў, якія выкарыстоўваліся для ўзбагачэньня ўрану.
Да пэўнай ступені ўзбагачаны ўран выкарыстоўваецца як паліва для электрастанцыяў. Калі гэты ўзровень перавысіць, уран прыдатны для выкарыстаньня ў ядзерных бомбах.
Больш за 400 кіляграмаў газу гэксафтарыду ўрану — ключавога этапу працэсу ўзбагачэньня — ужо было ўзбагачана да 60 працэнтаў, паведаміла МАГАТЭ ў сваім дакладзе ў мінулым месяцы. Гэты ўзровень лічыцца высокаўзбагачаным, але ня збройным. Канфідэнцыйны даклад 2023 году, які бачыла CNN, паведамляў, што МАГАТЭ выявіла ў Фардо уран, блізкі да збройнага.
Іран ня раз запэўніваў, што ягоная ядзерная праграма прызначана выключна для цывільных мэтаў.
Ці адкажа Іран?
Ізраіль вітаў атакі, заявіўшы, што яны былі «вырашальным крокам у спыненьні агрэсіі іранскага рэжыму і яго здольнасьці несьці пагрозу рэгіёну і сьвету».
Іранскія ж чыноўнікі адрэагавалі асуджэньнем, папярэдзіўшы пра «небясьпечныя наступствы і далёкасяжныя вынікі [амэрыканскага] акту агрэсіі». Кіраўнік МЗС Ірану Абас Аракчы абвясьціў, што ляціць у Расею — да блізкага, хоць і стрыманага хаўрусьніка Ірану — для перамоваў з прэзыдэнтам Уладзімерам Пуціным.
Аракчы усё ж дапусьціў магчымасьць кампрамісу, сказаўшы, што «дзьверы для дыпляматыі» заўсёды павінны быць адчыненымі. Але, дадаў ён, «цяпер гэта ня так».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ізраіль ня можа дапусьціць, каб Іран валодаў ядзернай зброяй, — аналітык ГендэльманПерад бамбаваньнямі Вашынгтон моцна ціснуў на Тэгеран, патрабуючы заключыць ядзерную ўгоду.
Ці гатовы Іран пайсьці на поўнамаштабную вайну або ўдарыць па амэрыканскіх вайсковых абʼектах на Блізкім Усходзе, застаецца адкрытым пытаньнем.
Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі, галоўная вайсковая структура Ірану, заявіў, што краіна пакідае за сабой права адказаць у парадку самаабароны і папярэдзіў пра «сумныя наступствы» для ЗША, перадало дзяржаўнае агенцтва навін IRNA.
У студзені 2020 году, пасьля таго як амэрыканскі бесьпілётнік выпусьціў ракету, якая забіла высокапастаўленага іранскага генэрала, Іран адказаў шквалам балістычных ракет па абʼектах ЗША ў Іраку, уключаючы авіябазу Аль-Асад. Сьмерцяў не было, але каля 100 амэрыканскіх вайскоўцаў атрымалі раненьні.
Злучаныя Штаты маюць базы ў Катары, Кувэйце, Саудаўскай Арабіі і Абʼяднаных Арабскіх Эміратах. У Бахрэйне месьціцца штаб 5-га флёту вайскова-морскіх сілаў ЗША.
Тым ня менш незразумела, ці здатны Іран увогуле адказаць.
За 10 дзён ізраільскіх абстрэлаў многія іранскія ракетныя абʼекты, авіябазы, сыстэмы супрацьпаветранай абароны і заводы зброі былі пашкоджаныя або зьнішчаныя.
Аднак Іран мае і іншыя інструмэнты — правядзеньне кібэратакаў ці закрыцьцё Армускай пратокі — вузкага месца паміж Пэрсыдзкай затокай і Індыйскім акіянам, празь якое ідзе асноўны шлях нафтавых танкераў на сусьветныя рынкі. Ягонае закрыцьцё стала б катастрофай для цэнаў на нафту.
Чаму гэтая падзея важная і для ўнутранай палітыкі ЗША?
Атака сталася пераломным момантам для Трампа, чый палітычны посьпех часткова тлумачыўся стомленасьцю амэрыканцаў ад наступстваў уварваньняў ЗША ў Афганістан і Ірак, а таксама ад амэрыканскіх вайсковых апэрацыяў у Сырыі.
За некалькі дзён да 22 чэрвеня ў амэрыканскіх палітычных колах ішлі адкрытыя спрэчкі, ці варта адміністрацыі Трампа уцягваць амэрыканскіх вайскоўцаў у чарговы канфлікт на Блізкім Усходзе.
Пасьля атакі Трамп і іншыя службоўцы падкрэсьлівалі, што мэта яе — ня «зьмена рэжыму», а толькі перадухіленьне стварэньня ядзернай зброі.
У Кангрэсе дэмакраты асудзілі напад, а большасьць рэспубліканцаў яго падтрымала.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці можа атака Ізраілю на Іран прывесьці да зьмены ўлады?