У шэрагу 14 вызваленых з турмаў Беларусі быў адзін грамадзянін Эстоніі і два — Латвіі.
Як паведаміла эстонскае выданьне err.ee, у Эстоні зь беларускага зьняволеньня вярнуўся Алан Роё, які ў 2020 годзе зарэгістраваў у Эстоніі некамэрцыйную арганізацыю «Фонд сяброў Беларусі», мэтай якога быў збор ахвяраваньняў для падтрымкі шматдзетных беларусаў, вымушаных уцякаць зь Беларусі праз палітычны перасьлед. Аднак фонд так і не пачаў працу і быў зьліквідаваны.
Алан Роё разам з жонкай-беларускай гадуе трох дзяцей.
У Беларусі яго абвінавацілі ў стварэньні «экстрэмісцкай арганізацыі» і асудзілі на 6,5 гадоў пазбаўленьня волі і 6 тысяч эўра штрафу.
«Турма — гэта адно, але з 2021 году я фактычна знаходзіўся ў Беларусі як закладнік. Тады КДБ упершыню мяне выклікаў на допыт і пастрашыў пальцам. [...] Са мной абыходзіліся вельмі кепска. Тыя ўмовы... Для мяне важна данесьці да праваабарончых арганізацый, што ў такіх умовах у XXI стагодзьдзі ніхто — ні сапраўдныя злачынцы, ні палітычныя вязьні — не павінен знаходзіцца», — сказаў Алан Роё па вяртаньні зь Беларусі.
Міністэрства замежных справаў Латвіі паведаміла аб вызваленьні Юрыя Ганіна і Дзмітрыя Міхайлава. Як удакладніла выданьне Rus.Delfi.lv, Ганіна затрымалі ў 2024 годзе і асудзілі 19 лютага 2025 году. Судовы працэс праходзіў у закрытым рэжыме, і дэталі абвінавачаньня дагэтуль не выдаюцца. Вядома толькі, што яго прызналі вінаватым у «дыскрэдытацыі Беларусі», «абразе Лукашэнкі» і «закліках да санкцыяў».
Дзьмітрыя Міхайлава асудзілі на 4 гады калёніі агульнага рэжыму паводле абвінавачаньня ў «распальваньні нянавісьці» і «закліках да санкцый супраць Беларусі».
Прэсавы сакратар Міністэрства замежных справаў Польшчы Павал Уроньскі паведаміў, што сьпіс польскіх грамадзян, аб вызваленьні якіх вялі перамовы, ачольваў Анджэй Пачобут.
«ЗША заяўляюць, што гэта пачатак перамоў. Мы спадзяемся, што ў сьпісе будзе больш грамадзян Польшчы і палякаў зь беларускім пашпартам», — падкрэсьліў Павал Уроньскі, паведаміла выданьне Fakt.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У выніку сустрэчы пасланьніка прэзыдэнта ЗША з Лукашэнкам вызвалілі 14 палітвязьняў. Сярод іх — Сяргей Ціханоўскі
Спэцыяльны прадстаўнік прэзыдэнта ЗША ў пытаньнях Украіны Кіт Келаг 21 чэрвеня сустрэўся ў Менску з Аляксандрам Лукашэнкам.
Празь некалькі гадзінаў пасьля сустрэчы стала вядома пра вызваленьне 14 палітвязьняў, у тым ліку колішняга прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Сяргея Ціханоўскага, а таксама былога журналіста Радыё Свабода Ігара Карнея. Вызваленыя таксама выкладчыца Натальля Дуліна, актывіст анархісцкага руху Акіхіра Гаеўскі-Ханада, уладальніца беларускага і швэдзкага грамадзянства Галіна Красьнянская, фігурант справы «Саюзу беларускага нацыянальнага шчыта» Кірыла Балахонаў, бізнэсовец Сяргей Шэлег.