У Беларусі асуджаным за «экстрэмізм» забароняць займацца пэдагагічнай дзейнасьцю

Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Архіўнае фота

Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі ўхваліла зьмены ў законы аб правах дзяцей.

Як адзначаецца ў Telegram-канале Палаты прадстаўнікоў, законапраект ухвалілі ў другім чытаньні.

Праект закону прадугледжвае абавязак бацькоў абараняць дзяцей ад інфармацыі ў інтэрнэце, якая наносіць шкоду здароўю і разьвіцьцю.

Апроч таго, цяпер цацкі, якія паўтараюць герояў кампутарных гульняў ці фільмаў, будуць лічыць «інфармацыйнай прадукцыяй», якую можна распаўсюджваць толькі з прысваеньнем ёй знаку ўзроставай катэгорыі.

Праект закону зьмяшчае таксама норму аб забароне асобам, «якія ўчынілі злачынствы экстрэмісцкай накіраванасьці» або зьвязаныя з распаўсюджваньнем наркотыкаў, займацца пэдагагічнай дзейнасьцю.

Паступаючы на працу зь дзецьмі, фізычныя асобы маюць падпісаць абавязаньне аб недапушчэньні парушэньня правоў дзіцяці на недатыкальнасьць асобы, на абарону ад эксплюатацыі, гвалту і жорсткага абыходжаньня.

Наймальнікам дазволяць праводзіць псыхалягічныя сумоўі з асобамі, якіх плянуюць прымаць на працу зь дзецьмі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Міністэрстве адукацыі патлумачылі, ці павінны бацькі пацьвярджаць, што дзеці вучацца за мяжой