Улады Малдовы не пусьцілі ў краіну 195 спартоўцаў зь Беларусі і Расеі, у турніры ў кікбоксінгу выявілі прыкметы палітычнай акцыі

На мяжы Рэспублікі Малдова

Памежнікі Малдовы спынілі на мяжы 19 чалавек, а яшчэ 176 не пусьцілі ў самалёт.

Міністэрства ўнутраных спраў Малдовы пацьвердзіла інйфармацыю, якая раней зьявілася ў сродках масавай інфармацыі пра тое, што ў краіну не пусьцілі 195 замежных спартоўцаў. Гэта былі прадстаўнікі дзьвюх дзяржаў — Беларусі і Расеі. Яны прыляцелі ў краіну на чэмпіянат Эўропы ў кікбоксінгу, суарганізатарам якога была Прымэрыя (мэрыя) Кішынёва.

Паводле інфармацыі МУС Малдовы, у краіну прыбылі асобы, зьвязаныя з крымінальнымі і мілітарнымі групоўкамі, якія «ўдавалі спартоўцаў». Сярод тых, каго не ўпусьцілі ў краіну, былі таксама прадстаўнікі акупаваных Расеяй тэрыторый Украіны — Данеччыны і Крыму.

У спыненых на мяжы асобах МУС Малдовы ўбачыла «пагрозу вобразу і даверу да Рэспублікі Малдова на міжнародным узроўні», піша Radio Europa Liberă.

У Міністэрстве адукацыі Малдовы заявілі, што спаборніцтвы не былі ўхваленыя ведамствам, а арганізатары незаконна выкарыстоўвалі назоў і сымболіку міжнароднай фэдэрацыі ў гэтым відзе спорту. Турнір дарослых быў скасаваны, а турнір юніёраў, як заявілі ўлады, адбудзецца толькі пры ўмове выкананьня ўсіх патрэбных працэдураў уезду непаўналетніх у краіну.

Прадстаўнік арганізатараў турніру Рустам Алімаў адзначыў, што рашэньне ўладаў зьяўляецца злоўжываньнем, а ўдзельнікаў адбірала цэнтральная арганізацыя Міжнароднай фэдэрацыі кікбоксынгу (WKF) ў Вене.

Пры гэтым пра ўдзел спартоўцаў зь Беларусі і Расеі арганізатары абвясьцілі толькі 20 чэрвеня, напярэдадні іх прылёту. Прымара сталіцы Іона Чэбана абвінавацілі ў тым, што той не зьвярнуў увагу на тое, што на турнір едуць спартоўцы, якія парушаюць санкцыі.

Мэрыя Кішынёва адхіліла абвінавачванні і заявіла, што адказвае толькі за арганізацыйную частку міжнародных спаборніцтваў. Міністэрства адукацыі запатрабавала скасаваньня мерапрыемства на падставе адсутнасьці неабходных дазволаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна і Малдова маюць далучыцца да эўрапейскага роўмінгу ад наступнага году


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што ў пляне Эўразьвязу на 150 мільярдаў эўра для ўмацаваньня абароны ад «пагрозаў з боку Расеі і Беларусі»