Сёньня Кіт Келаг напісаў у сацыяльнай сетцы Х пра тое, што на сустрэчы з Лукашэнкам ня толькі абмяркоўваў двухбаковыя дачыненьні паміж ЗША і Бьеларусьсю, але і вайну ва Ўкраіне.
«У цэлым, выдатная камандная праца. Наша дэлегацыя сустрэлася зь лідэрам Беларусі, Лукашэнкам, і яго камандай. Джон Коўл вёў дыскусіі па двухбаковых адносінах паміж ЗША і Беларусьсю, у выніку якіх былі вызвалены 14 палітычных зьняволеных з шасьці краін, у тым ліку Японіі і Польшчы. Я абмеркаваў вайну паміж Расіяй і Ўкраінай і тое, як @POTUS актыўна імкнецца спыніць вайну і спыніць забойствы. Прэзыдэнт Трамп працягвае ўмацоўваць мір праз сілу».
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп у сваёй сацыяльнай сетцы TruthSocial апублікаваў навіну з тэлеканалу Sky пра вызваленьне колішняга прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Беларусі Сяргея Ціханоўскага.
У паведамленьні была спасылка на падзякі амэрыканскаму кіраўніцтву ў допісе Сьвятланы Ціханоўскай, і прэзыдэнт ЗША пачаў свой допіс з цытаваньня падзякі сабе.
21 чэрвеня спэцыяльны прадстаўнік прэзыдэнта ЗША ў пытаньнях Украіны Кіт Келаг сустрэўся ў Менску з Аляксандрам Лукашэнкам. Празь некалькі гадзінаў пасьля сустрэчы стала вядома пра вызваленьне 14 палітвязьняў, у тым ліку колішняга прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Сяргея Ціханоўскага.
21 чэрвеня былі вызваленыя і дэпартаваныя ў Літву блогер, заснавальнік Ютуб-каналу «Страна для жизни» Сяргей Ціханоўскі, былая выкладчыца Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту Натальля Дуліна, журналіст Ігар Карней, бізнэсовец Сяргей Шэлег. фігурант справы «Саюзу беларускага нацыянальнага шчыта» Кірыла Балахонаў, анархіст Акіхіра Гаеўскі-Ханада, а таксама яшчэ 8 вязьняў: 2 грамадзяніна Японіі, 3 грамадзяніна Польшчы, 2 — Латвіі і грамадзяне Эстоніі, Швэцыі ды ЗША.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Свабода не каштуе таго, каб яе давалі гвалтам». Ліст Сяргея Дубаўца да менскага сябра пра вызваленьне палітвязьняў