Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апублікаваная праграма Будслаўскага фэсту


Будслаўскі фэст, 2021 год
Будслаўскі фэст, 2021 год

Фэст адбудзецца 4-5 ліпеня.

Праграму фэсту ў Будславе, які пройдзе 4-5 ліпеня пад дэвізам «Міласэрнасьць Божая — давяраем Табе», апублікаваў Нацыянальны санктуарый.

Жывы этэр асноўных падзей будзе весьці БТ.

У праграме пакуль не пазначана, хто ўзначаліць галоўную сьвятую Імшу ў час фэсту. Вернікі чакаюць, хто гэта можа быць новы Апостальскі нунцый, які павінен прыехаць у Беларусь бліжэйшым часам.

Сёлетняя праграма істотна не адрозьніваецца ад тых, што былі ў мінулыя гады. У пятніцу, 4 ліпеня, у 23.30 адбудзецца ўрачыстая працэсія з абразом Маці Божай Будслаўскай і сьвечкамі. Апоўначы распачнецца сьвятая Імша. У суботу, 5 ліпеня, ў 11.30 заплянавана галоўная сьвятая Імша.

Праграма асноўных падзей Будслаўскага фэсту

4 ліпеня (пятніца)

14:00–17:00 — Сустрэча пілігрымаў

18:00 — Сьвятая Імша

20:00 — Акафіст (хор Грэка-каталіцкай царквы)

20:30 — Марыйныя Нешпары

21:00 — Крыжовы шлях

22:00 — Моладзевая праграма «Моладзь да моладзі»

23:30 — Працэсія з абразом Маці Божай Будслаўскай

5 ліпеня (субота)

00:00 — Сьвятая Імша

02:00 — Адарацыя Найсьвяцейшага Сакрамэнту

06:00 — Боская Літургія (бізантыйскі абрад)

07:00 — Гадзінкі аб Беззаганным Зачацьці

08:00 — Імша ў базыліцы

09:30 — Фацімскі ружанец

10:30 — Канфэрэнцыя «Беззаганнае Зачацьце: 170 гадоў догмату»

11:30 — Галоўная Імша, Эўхарыстычная працэсія і Акт прысьвячэньня Менска-Магілёўскай мітраполіі Божай Міласэрнасьці і Беззаганнаму Сэрцу Марыі.

Гісторыя Будслаўскага фэсту

Фэст, які з 1992 году ладзіцца ў Будславе, слаўны тым, што дзеля ўдзелу ў ім выходзяць пешыя пілігрымкі з розных гарадоў Беларусі. У 2018 годзе UNESCO ўключыла Будслаўскі фэст у сьпіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва. Гэта адна з галоўных рэлігійных падзей ва ўсёй Беларусі.

Касьцёл у Будславе — помнік позьняга барока, яго архітэктура прызнаная ўнікальнай на землях усёй былой Рэчы Паспалітай. Абраз Будслаўскай Божай Маці — адна з самых значных каталіцкіх сьвятынь, яе шануюць як абаронцу ўсіх беларускіх каталікоў.

Перапынак у пілігрымках, у тым ліку да галоўнага санктуарыя Беларусі, у Будслаў, здарыўся ў 2020 годзе — праз каранавірус. Тады пеша рушылі толькі некалькі нешматлюдных прыватных пілігрымак, ахвотнікі арганізоўвалі сабе маршрут самі.

У 2021 годзе, калі ў будслаўскай сьвятыні згарэў дах, пілігрымкі ўсё яшчэ не аднавіліся з ранейшай сілай, ішлі ў індывідуальным фармаце, іх было няшмат. Ужо ў 2022-м яны адправіліся з розных гарадоў, як і раней. А ў 2023-м колькасьць удзельнікаў фэсту істотна зьменшылася.

У 2025 годзе ў Будслаўскі касьцёл па рэстаўрацыі вярнулася фігура Езуса Журботнага. Яна адносіцца да першай паловы XVII ст.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG