З-за пагрозаў Расеі пяць краін-суседзяў РФ умацоўваюць сваю абарону, зьвяртаючыся да сродкаў, якія сьвет спрабаваў назаўжды забараніць. Аб гэтым піша брытанская The Telegraph.
Фінляндыя, Эстонія, Латвія, Літва і Польшча абвясьцілі аб намеры выйсьці з Атаўскай канвэнцыі 1997 года, якая забараняе супрацьпяхотныя міны. У канцы чэрвеня ўсе пяць дзяржаваў, як чакаецца, афіцыйна паведамяць ААН аб выхадзе з канвэнцыі, што дасьць ім магчымасьць з канца году вырабляць, назапашваць і ўжываць такія боепрыпасы. Іх межы зь Беларусьсю і Расеяй складаюць агулам 3460 кілямэтраў.
Вайскоўцы ўжо распрацоўваюць пляны, якія ўчасткі лясоў і азёр будуць замінаваныя, калі Ўладзімір Пуцін засяродзіць свае войскі супраць альянсу.
Урад Літвы мае намер пачаць вытворчасьць мін праз 22 гады пасьля падпісаньня Атаўскай канвэнцыі, якую некалі падтрымлівалі ўсе краіны ЭЗ.
Міністарка абароны Давіле Шакалене ў камэнтары для The Telegraph адзначыла, што «незаконная вайна Расеі супраць Украіны, яе сыстэматычныя парушэньні міжнароднага права і ваенныя правакацыі на межах Расеі і Беларусі ствараюць экзістэнцыйную пагрозу».
Яна падкрэсьліла, што Расея ніколі не зьвязвала сябе абавязальніцтвамі па Атаўскай канвэнцыі. Наадварот, пакуль эўрапейскія краіны зьнішчалі свае запасы мін, Расея вырабляла іх больш за ўсіх у сьвеце.
«Расея не зьяўляецца ўдзельніцай канвэнцыі і працягвае агрэсіўна выкарыстоўваць і запасіць супрацьпяхотныя міны, ставячы нас у стратэгічнае нявыгаднае становішча, — паведаміла міністарка. — У гэтых умовах нашым узброеным сілам неабходныя гнуткасьць і свабода выкарыстоўваць усе даступныя сродкі для абароны нашага насельніцтва і ўсходняга флянгу NATO».
Шакалене лічыць, што Пуцін можа напасьці на краіны альянсу ўжо праз два-тры гады.
«І NATO, і наша вайсковая разьведка неаднаразова папярэджвалі зь мінулага года, што Расея можа быць гатова да ўварваньня ў тэрыторыю NATO на працягу трох-пяці гадоў, прыкладна да 2028-2030 гадоў», — кажа яна.
«І гэты тэрмін можа скараціцца. Калі перамовы па Ўкраіне скончацца кепска, і Расея скарыстаецца перамір’ем, каб аднавіць сілы і ўзмацніць вайскова-прамысловы патэнцыял, магчыма з дапамогай зьняцьця санкцый, гэтая пагроза можа зьявіцца ўжо праз два-тры гады», — лічыць кіраўніца вайсковага ведамства Літвы.
Форум